Менеджар спамповак, новае меню далучэнняў, жывы эфір праз іншыя праграмы і шмат чаго яшчэ

Чытаць арыгінальны допіс па-англійску
Менеджар спамповак, новае меню далучэнняў, жывы эфір праз іншыя праграмы і шмат чаго яшчэ

Сённяшняе абнаўленне дадае інструменты, якія дапамогуць вам кантраляваць вашыя спампоўкі, хутка абагульваць дакументы, упарадкоўваць альбомы медыя перад адпраўкай, зрабіць ваш канал тэлевізійным каналам — карацей, зараз усё раскажам.

Менеджар спамповак

Карыстальнікі Telegram могуць адпраўляць файлы любога тыпу памерам да 2 ГБ кожны і мець доступ да іх з любой сваёй прылады – наша воблачнае сховішча не мае ніякіх межаў. Калі ідзе актыўная спампоўка файлаў, то ў меню пошуку з'явіцца новы значок.

Націсніце на гэты значок, каб перайсці ў панэль «Спампоўкі». Там можна прагледзець іх, а таксама кіраваць імі – прыпыняць і працягваць усе ці паасобку, мяняць іх прыярытэтнасць або прагледзець паведамленне-крыніцу файла ў адпаведным чаце.

Новае меню далучэнняў

Падчас адпраўкі некалькіх фота ці відэа, націсніце «Выбрана…» уверсе панэлі, каб папярэдне прагледзець, як альбом будзе выглядаць пасля адпраўкі, і упарадкаваць або выдаліць патрэбныя файлы.

На iOS Attach меню далучэнняў атрымала поўнасцю новы дызайн, каб нагнаць версію для Android. Выбар камеры цяпер прыгожа ўбудаваны ў галерэю, а панэль навігацыі дае хуткі доступ да фота, файлаў, перадачы месцазнаходжання і іншага.

Абноўленая панэль Файлы паказвае нядаўна адпраўленыя файлы і дазваляе вам шукаць патрэбныя па назве.

Празрысты інтэрфэйс Android

У начным рэжыме панэлі і загалоўкі маюць мяккі эфект празрыстасці – даючы вам магчымасць нацешыцца фонамі чатаў, стыкерамі і файламі падчас гартання.

Такіх эфектаў мы яшчэ не бачылі ў ніводнай іншай праграме для Android. Такім чынам гэтае абнаўленне прыўносіць лепшае з візуальных тэхналогій у свеце з іншых платформ на Android.

Карыстальнікі iOS мелі асалоду назіраць празрыстыя загалоўкі і панэлі ў Telegram з чэрвеня 2021 году.

Рэдызайн працэсу ўваходу

На Android і macOS увесь працэс уваходу ва ўліковы запіс быў дапоўнены плаўнымі новымі анімацыямі. На Android лічбы вашага коду для ўваходу проста залятаюць на патрэбныя месцы.

А на Telegram для macOS QR-код на экране ўваходу ствараецца з сімвалаў Матрыцы, якія падаюць з верху экрану. Ідзі за белай качкай, Нэа.

Праграмы Telegram дазваляюць карыстальнікам увайсці ў некалькі ўліковых запісаў у адначассе – з розных нумароў тэлефона.

Спасылкі на нумар тэлефона

Кожны можа стварыць унікальнае імя карыстальніка кшталту @username на старонцы наладаў – дазваляючы іншым карыстальнікам лёгка знайсці вас праз пошук ці перайсці напрамую па спасылцы t.me/username, і пры гэтым ім неабавязкова ведаць ваш нумар тэлефона.

Гэтае абнаўленне дазваляе ствараць прамую спасылку на t.me з вашым нумарам тэлефона, якая імгненна адкрые чат з вамі.

Спасылкі на нумар тэлефона

Фармат спасылкі — t.me/+123456789, з поўным нумарам у міжнародным фармаце.

Ну і, вядома, такая спасылка будзе працаваць толькі ў тым выпадку, калі вы дазволілі знаходзіць ваш уліковы запіс па нумары тэлефона праз налады прыватнасці.

Жывы эфір праз іншыя праграмы

У суполках і каналах можна праводзіць жывыя эфіры з неабмежаванай колькасцю гледачоў. Мы заўважылі, што многія прафесійныя блогеры і журналісты карыстаюцца жывымі эфірамі Telegram, каб стасавацца са сваёй аўдыторыяй.

З гэтым абнаўленнем вы зможаце весці паказ са стрымінгавых праграм, такіх як OBS Studio і XSplit Broadcaster – каб лёгка дадаваць на экран разнастайную інфармацыю праз накладанні, ствараць выкладкі з некалькіх экранаў, карацей – ператварыць свой канал у паўнавартасны тэлевізійны канал.

Каб скарыстацца гэтай магчымасцю, пачніце новы відэачат у сваёй суполцы (або жывы эфір у канале), націсніце кнопку «Пачаць праз» і ўвядзіце звесткі, паказаныя там, у вашу стрымінгавую праграму.

Гледачам будзе патрэбна абнавіць сваю праграму Telegram, каб далучыцца да эфіру.

Новыя старонкі t.me

Са спасылкамі t.me, як, напрыклад, t.me/durov, любы можа папярэдне прагледзець профілі, допісы або публічныя каналы цалкам прама ў браўзеры – нават не ўваходзячы ў свой уліковы запіс Telegram.

Цяпер гэтыя перадпрагляды маюць абноўлены дызайн, з фонамі чата і элементамі інтэрфэйсу кліента Telegram Web.


У камандзе Telegram, удзельнікі якой паходзяць з розных краін, ёсць і ўкраінцы. Мы хочам, каб гэтае супрацьстаянне скончылася як мага хутчэй. У такія няпростыя часы мы спрабуем суцешыць сябе тым, што наша праца ў Telegram дапамагае людзям мець доступ да важнай інфармацыі – ад пацверджаных заяў органаў улады да папярэджанняў аб паветранай трывозе, якія дазваляюць мірным жыхарам загадзя дабрацца да бяспечнага месца. Усім сэрцам мы спачуваем тым, каго закранула гэтая вайна.

Мы будзем працягваць працаваць над паляпшэннем Telegram і яго здольнасці злучаць людзей – асабліва для тых, хто зараз знаходзіцца ў зонах абмежаваннага пакрыцця інтэрнэту ці зазнаў перабоі ў яго працы.


11 сакавіка, 2022
Каманда Telegram